Пра курсы
ГАРАДЫ :


03.05.2014
ВЕРШЫ Рэната Муха “Аднойчы, а можа, і двойчы…”

Пераклад Алены Церашковай вершаў дзіцячай паэткі Рэнаты Муха (1933-2009) з кнігі “Аднойчы, а можа, і двойчы”

АДНОЙЧЫ, А МОЖА, І ДВОЙЧЫ
Аднойчы, а можа, і двойчы.
Удзень, а магчыма, і ўночы
(як вырашым – так тут і быць)
Паехаў наш Лідар Адважны
І ўзяў з сабой Самых Адважных
Адважных, Адважных, Адважных
Ад важных праблем адпачыць.

 

СЛАНЯТКА
Сямейства сланоў напалохана страшна:
Хварэе Сланятка.
І насмарк, і кашаль.
Сіропы, пігулкі, кампрэсы гатовы.
Ды ДЗЕ адшукаць успамер ХАБАТОВАК?

 

САКРЭТНАЯ ПЕСНЯ ПРА СЛАНЯТКА
Па Барнэа і Ямайцы
Ходзіць Слон у белай майцы.
Ён у мамчынай панаме
(толькі гэта паміж намі!).

 

СПАЛОХАНАЯ ПЕСЕНЬКА
У Афрыцы мы ўсе жывем
у цёмным лесе джунглістым.
Там страшна ўночы, страшна ўдзень,
А у прамежках – жудасна!

 

ВЯЛІКАЕ ПАДАРОЖЖА МАЛЕНЬКАГА ПІНГВІНА
Вы нічога не чулі пра Малечу Пінгвіна?
Ён на Поўначы Скрайняй, на Найскрайняй Ільдзіне.
Без валёнак, самотны, у сумёце па пояс.
Ён не трапіў да бабці, пераблытаўшы Полюс.
Меркаваў на Паўднёвы – на Паўночны патрапіў.
І стаіць, засмучоны, мерзнуць босыя лапы.

Тут, на Поўначы Скрайняй, на Найскрайняй Ільдзіне,
Не бывала пінгвінаў ніколі ў паміне.
Там, дзе айсбергаў сотні на кожным праходзе,
Аніякая бабця пінгвіна не знойдзе.
Стаіць пінгвін самотны сярод снягоў арктычных,
І ў добрых перспектывах зняверыўся практычна.

Ды тут прыгрэла сонца – і трэснула ільдзіна,
Да бабці у Антарктыку даставіла пінгвіна.
І скончылася справа зусім не так і блага:
Павохкала бабуля, абняла небараку.
“Ну, вечныя здарэнні! Нібыта немаўлятка!
Забыўся на валёнкі і памарозіў пяткі!”

Пінгвін наш па вячэры ўсвядоміў канчаткова:
Бадзяцца самастойна – яно, вядома, клёва.
“І па жыцці прыдасцца мне гэтая прыгода:
Магу цяпер згубіцца калі і дзе заўгодна
Хоць сам, хоць разам з бабцяю. 
Мы да прыгодаў звыклыя.
Але на Скрайняй Поўначы – 
у Самым Скрайнім Выпадку!”

 

ГІПАПАТАМ
Ў сям’і у знаёмага Гіпапатама
Ёсць Гіпапатата і Гіпапамама.
Але, калі ўсё разглядаць па парадку,
Магчыма, яшчэ ёсць Гіпапанашчадкі.
Спытацца няёмка (мо’ ім непрыемна?)
І ўсё тут занадта Гіпапатаемна.
І хоць невычэрпная гэтая тэма,
Сканчаецца наша Гіпапапаэма.

 

ПРА БЕЛУЮ КАБЫЛУ І ПРА ЧОРНУЮ КАБЫЛУ
Кабыла бялюткая з белым хвастом,
Кабыла чарнюткая з чорным хвастом
Удзьвох на паляне гулялі ў тумане
І свежае сена знайшлі пад кустом.

Кабыла бялюткая з белым хвастом,
Пад’еўшы, сяброўку запэўніла ў тым,
Што сена як сена, хоць сена, напэўна,
не варта зусім параўноўваць з аўсом.

Кабыла чарнюткая з чорным хвастом
Згодна кіўнула, дадаўшы пры тым,
што цукар найлепшы, бо ён саладзейшы,
Ды рэдка сустрэнеш яго пад кустом.

 

СЯМЕЙНАЯ ДРАМА
Ў сям’і асьміногаў жахлівая драма:
няспынная сварка між татам і мамай.
А бедныя дзеці стаяць за парогам
І просяць, каб продкі ўзялі сябе ў ногі.

 

ПІНГВІНЫ
На Полюсе Паўднёвым
Збіраліся пінгвіны.
Прыгожыя такія – не разбярэшся надта.
Ці тое сабраліся пайсці на імяніны,Э
Ці тое з імянінаў вяртаюццв абратна.

 

СТРОГАЯ КАРОВА
Зранку, а палове шостай, апаўдні да нас у госці
Прыцягнулася Карова. Не прамовіўшы ні слова,
З паўгадзіны прамаўчала ды на вуха прашаптала:
“Малака не пі сырога!” –
І пабегла ад парога, слуп пачухаўшы аб рогі.

 

НЯМЫТАЯ СВІНКА
Па вузкіх сцяжынках нямытая Свінка
Бяжыць абсалютна адна. Бяжыць і бяжыць яна.
І раптам, зусім нечакана, ёй стала часацца спіна.
Нямытая Свінка сышла са сцяжынкі
І ў наш завітала гарод.
Зарохкала жаласна:
- Дайце, спадарства,
Аб ваш мне пачухацца плот!

 

ПАКРЫЎДЖАНЫ АБУТАК
Святло ў пакоі тухне.
І гукі ўсе заглохлі.
Ды шлёпаюць па кухні
Самотныя пантофлі.
І, шоргаючы, шэпчуць
У непадробнай крыўдзе:
“Няўжо, няўжо ніколі
На вуліцу не выйдзем?
Каторы панядзелак, 
Каторая нядзеля,
А нас яшчэ ніколі
Нікуды не надзелі!”

 

“СКАЧЫ, НЕ ХВАЛЮЙСЯ!”
Аднойчы халодным і ветраным Днём
Па пыльнай дарозе мы скачам з Канём.
І тут на скаку я зляцела з Каня
І Конь мой далей паскакаў. Ну, а я…
У цёмнай, глыбокай канаве на Дне
Самотна ляжу я на Спіне ў мяне.
І вецер даносіць мой голас Каню:
“Скачы, не хвалюйся, 
А я даганю!”

 

УДЖАЛЕНЫ ВУЖ
Гісторыя – суцэльны жах:
Аса уджаліла вужа!
Уджаліла яго ў жывот.
Вужу балюча вельмі. Вось.
А лекар Вожык паглдзеў –
Знайсці нічога не сумеў.
- Але ж, як падаецца мне,
Вам лепей поўзаць на спіне,
Пакуль жывот не зажыве. Вось!

 

ЛЁСЫ
Жыў чалавек з барадой ды вусамі…
А ў астатнім дадумайце самі!

Жыў чалавек на выспе ў самоце невыноснай.
Як зваць дзяцей – не ведаў. А згадваў па бацькоўству.

 

СЯМЕЙНАЯ ТАЯМНІЦА
Мама Зебра, тата Лось.
Як ім гэта ўдалося?

 

АЗАРТНЫЯ ШКІЛЕТЫ
Шкілет да шкілета прыцёгся ў госці,
Да самага ранку гуляліся ў косці.

 

УСМЕШКА КАЙМАНА
Учора кайман пасміхнуўся так злосна,
Што мне аж да сёння няёмка… і млосна.

 

ВУЖ І ЖАБКА
Вужа, хоць не мае ён грознага джала,
Зялёная жабка ў душы паважала.

 

ТАРАКАН
Жыў у кватэры таракан
У дзірцы ля парока.
Нікога ён не пакусаў,
І не чапаў нікога.
Не біў ні разу, не шчыкаў,
Не драпаў і не джаліў,
За што суседзі ўсе яго 
Бязмерна паважалі.
Так і пражыў бы таракан
У ладзе з цэлым светам,
Ды людзі завяліся там,
Ва ўтульнай хаце гэтай.

 

ПРОВАДЫ
Спакойнай хадою ідзе па пероне
З вялікім куфэркам старая Варона.
А побач з Варонай падскоквае бокам
Сяброўка-суседка, пляткарка Сарока.
І ўсё бы цудоўненька склалася ў іх,
Каб некуды рушыў і іхні цягнік.

 

ЛЯДЗЯШКА
- Шкада, ды я не тая ўжо, -
Лядзяшка прашаптала, стаяўшы.

 

ВУЧОНЫ
Вучоны адзін ад усіх па сакрэце
Лічыў-быў зіму халаднейшай за лета.
Ды неяк гуляў уздоўж снежных алей
І скеміў, што ўсё ж-такі лета цяплей!

 

ЛУЖЫНА
У лужыны праца – што лепей шукаць:
Узімку замерзнуць, улетку растаць.

 

ВЕРШЫ ПРА КЕПСКАЕ НАДВОР’Е
1. Надвор’е то плача, то хмурыцца.
Ізноў пад нагамі сыра.
Ідзе чалавек па вуліцы,
Канапку жуе… без сыра.
2. Надвор’е то плача, то хмурыцца,
І зоркі на небе гаснуць.
Ідзе чалавек па вуліцы,
Канапку жуе … без масла.
3. Надвор’е то плача, то хмурыцца,
Надзьмулася шэрае неба.
Ідзе чалавек па вуліцы,
Канапку жуе… без хлеба.

 

ЛОСЬ
“Вось дык вось, — падумаў Лось. –
Не хацеў, а давялося…”

 

КАЛОШЫ
Жылі дзве калошы ў адным калідоры:
Правы – дзіравы, а левы дык добры.

 

РУЧАЙ
Вось пад мастом бяжыць ручай.
Ды толькі без вады, нажаль…

 

ЧЫСЦЁХІ-БЫЛІНКІ
Памыліся зранку расою былінкі,
а ўвечары вецер страхне з іх пылінкі.

 

БАРАШКІ І АВЕЧКІ
- На морах – барашкі. Але дзе авечкі?
- Авечкі? Авечкі, напэўна, на рэчках!

 

ДОЖДЖ
Дождж і дождж.
Гэй, лета, дзе ты?
Так дасюль і не настала.
Пэўна, дзесьці наша лета
Па дарозе заблукала.

 

БАЛАДА ПРА ДОМ ЗА ВУГЛОМ
На скрыжаванні дом стаіць –
Ледзь-ледзь, па шчырасці, ліпіць.
Дахаты йшоў адзін герой –
Падлогу прыхапіў з сабой.
Пасля за тыдзень па цагліне
Раскралі сцены ў той хаціне.
А потым нехта без разваг
Узяў ды знёс з сабою дах.


Раз бурак сказаў капусце:
- А цябе мы ў боршч не пусцім!


І нам даводзіцца парою
Жаваць на першае другое.


Есці першае без супа –
І няправільна, і тупа.

 

САБАКА
Стаіць Сабака ля слупа
І выцірае пот з ілба.

 

ЛОЖАК
Скажыце, дзе мне такі ложак прыдбаць,
каб класціся рана ды позна ўставаць?

 

АБЕДЗЕНЫ ПЕРАПЫНАК
Ён дом ператрос – соль шукаў на абед.
Прыбег ён у краму, а ў краме – АБЕД!

 

НЕДАМОЎКА
У Караля пасля нядзелі
Зноў не хапіла грошай дзеля…

 

ПАСВАРЫЛІСЯ
Як часта бушуюць жыццёвыя буры!
Раз перасварыліся Морква з Цыбуляй.
І грозна прамовіла Морква:
- Чакайце!
Сустрэнемся з вамі ў баршчы і ў салаце!

 

ВЯРШКІ
Вяршкі на мяне, пэўна, крыўду трымалі,
Іначай бы з рондля яны не ўцякалі.

ШКІЛЕТ
Страйнейшым крыху пажадаў быць шкілет
І сеў на адну з самых модных дыет.

 

ТВАРАМ ДА ТВАРУ
Каля люстэрка Яйка з раніцы
Круцілася ў неспадзяванцы
і з жахам думала: “Кашмар!
Дзе тут патыліца, дзе твар?”

 

ПРАШЭННЕ
“Я вас вельмі прашу” – напісаў мне Дзівак,
на канцы прыпісаўшы пытальнік. Вось так!

 

ДВА ГЕРОЯ
Раз абедзенай парою
Сталі біцца два Героя.
Перамог адзін Герой,
ды не першы. А другі.

 

КАЛЫХАНКА
За вакенцам ноч спусцілася,
Замігцелі ў небе зоркі.
Кніжка так за дзень стамілася,
Што зліпаюцца старонкі.
Фразы, сказы ўсімі словамі
Пазяхаюць раз і два.
І на глянцавую вокладку
Апускаецца глава.
Там пытальнікі ды клічнікі
Нешта шэпчуць, ды не мне.
А двукоссі зноў па звычцы ўсе
Раскрываюцца ў сне.
У куце ў канцы аркушыка
Перанос павесіў нос.
Развітанне са складамі ён
Вельмі кепска перанёс.
Недаказаны аповесці,
Недаелі пір гарой.
І да кропачкі на паўпуці
На хаду заснуў герой.
Цішыня, і нават полымя
не шугае па зямлі,
Дзе Дракон з адной Драконіхай
Бой смяротны павялі.
Аніхто не сустракаецца
на старонках соннай кнігі,
Толькі ў сне пераплятаюцца 
Напаўсонныя інтрыгі.
І нявеста дрэмле седзячы 
па дарозе пад вянец.
Засынаюць і сярэдзіна,
І пачатак, і канец.

 

НАШЧАДКІ І ПРОДКІ
Так, нашчадкі за продкаў могуць быць разумнейшыя.
Толькі выпадкі гэткія з кожным годам радзейшыя.

 

ВІЗІТ ДА ДЫЕТОЛАГА
- Ну, — мой апетыт гамоніць, -
Мне ніхто не забароніць!

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат