Пра курсы
ГАРАДЫ :


26.04.2014
ВЕРШЫ Кастусь Севярынец: Свая азбука

Лета коціцца з гары.
Вось і восень на двары.
Вучым азбуку, сябры!
Гэта азбука — свая,
Бо яна ад А да Я
Наша, БЕЛАРУСКАЯ!

Алень
Па вадзе АЛЕНЬ брыдзе.
Сеў на шыю авадзень
І крычыць яму: “Гані!”
Быццам вершнік на кані.

Бусел
На буслянцы БУСЕЛ-татка
Вучыць лётаць буслянятка.
Там, дзе трэба, падпраўляе,
Сына ў неба выпраўляе.

Вавёрка
Пад сасной сядзіць ВАВЕРКА,
Перад ёю — шышак горка.
Стол заможны і багаты…
Налятай, ваверчаняты!

Галубок
ГАЛУБОК галубку любіць,
Ён галубку прыгалубіць.
Паглядзі на гэту пару:
Ім сварыцца не да твару.

Дуб
ДУБ рассыпаў жалуды,
Бо збіраць няма куды.
Быў бы кошык — вось раскоша!
Можа, вожык дапаможа?

Джала
Ты бы пчолку не чапала,
Есць у нашай пчолкі ДЖАЛА.
Пчолка кветкі аблятае,
Дзеткам мёдзік субірае.

Дзік
ДЗІК прыбег пад грушу-дзічку,
Дзе з крынічкі п‘е вадзічку:
— Вось калі спатолю смагу,
Адпачыць тады прылягу…

Елка
ЕЛКА з лесу на Каляды
Завітае ў нашы хаты.
На ялінках аж да верху —
Цацкі, пацеркі, цукеркі.

Ёрш
ЁРШ — ён смачны вельмі-вельмі,
Як засмажыш на патэльні.
Але ты таго ярша
3 рэчкі
Выцягні спярша!

Жораў
Не злуе ніколі ЖОРАЎ,
У яго лагодны нораў.
У птушынай чарадзе
Ціха мірна рэй вядзе.

Зубр
Ён глядзіць па-гаспадарску,
Пачуваецца па-царску.
ЗУБР — не проста мажны бык:
Белавежы — вартаўнік.

Індык
На падворку — лямант, крык:
— Дык-дык-дык! — бухціць ІНДЫК.
Што турбуе індыка?
Сумна жыць без сябрука!

Йес
ЙЕС! — з ангельскай мае быць.
Так! — па-нашаму гучыць.
Мілагучнай мове ў такт
Сэрца тахкае: “Так-так!”

Коцік
КОЦІК сам з сабой гуляе,
Ён свой хвосцік даганяе.
Як ні сіліцца, дзівак,
Не дагоніць аніяк!

Лось
3 лесу выйшаў ЛОСЬ рагаты.
Побач з бацькам — ласяняты.
Лось, ён — вось, а дзе ласіха?
Ці не здарылася ліха?

Мядзведзь
А МЯДЗВЕДЗЬ калі зіма,
Спіць і клопату няма!
У бярлозе пакрысе
Касалапы лапу ссе.

Ніва
Важкі колас спеліць НІВА.
Слава сейбітам руплівым!
Нам падзякаваць ім трэба
За духмяны бохан хлеба.

Ордэн
ОРДЭН — гэта ўзнагарода
Тым героям, што з народам,
Хто жыцця не пашкадуе,
А народ свой уратуе.

Пеўнік
ПЕЎНІК зранку запяе,
Следам сонейка ўстае,
Промні-коскі распускае,
Дзень на волю выпускае.

Рысь
РЫСЬ пабачыш — сцеражыся,
Лепей з рыссю разыйсціся.
Пацярпела шмат звяроў
Ад драпежных кіпцюроў.

Сава
Спіць САВА ў дупле ад рання,
Ноччу будзе паляванне!
Бо такі савіны звычай:
Па начах шукаць здабычу.

Трактар
ТРАКТАР самы знакаміты –
”Беларус” наш цяглавіты.
Яго ведаюць у свеце
I дарослыя, і дзеці.

Унук
УНУКУ любаму бабуля
Прыгожа вышыла кашулю.
— Вялікі дзякуй! — кажа Янка. —
Мне так пасуе вышыванка!

Ў
Калі коска зверху ўецца,
Нескладовым У завецца.
I яно красуе ў слове
Толькі ў нашай роднай мове.

Футра
Падарунак ад лісіцы -
ФУТРА, шапка, рукавіцы…
Мне цяпер зіма — дарма!
Але ж дзе ліса сама?

Хлеб
ХЛЕБАМ-соллю найчасцей
Сустракаем мы гасцей.
Калі ласка ў нашу хату,
Чым багаты, тым і рады.

Цвік
ЦВІК з цаглінай не сябруюць,
Але разам дом будуюць,
Каб утульнае жытло
У людзей заўжды было.

Чапля
ЧАПЛЯ ходзіць ля чароту,
Не патрэбны чаплі боты:
Па вадзе лацвей усё ж
Чапаць чаплі басанож.

Шчупак
Сядзіць на беразе рыбак.
Падплыў да берага ШЧУПАК.
Шчупак убачыў рыбака,
Задаў адразу драпака!

Ы
Мяккі знак з кійком ідзе,
За сабою Ы вядзе.
Пішам слова “паплавы“ —
На канчатку будзе Ы.

Ь
Пра яго мы скажам так:
Мякчыць мову МЯККІ ЗНАК.
Ён пяшчотны і лагодны,
У пісьме зусім не шкодны.

Экскаватар
ЭКСКАВАТАР робіць лоўка.
Адпачні пакуль, рыдлёўка!
Ён адзін капаць умее
Катлаван альбо траншэю.

Юшка
На вячэру ля ракі
Запрашаюць рыбакі: —
ЮШКА ёсць у нас з наварам,
Пачастуйся з пылу, з жару.

Яблык
ЯБЛЫК падае да долу,
Кліча верасень у школу.
— Дзінь-дзінь-дзінь! —
званок звініць,
Трэба АЗБУКУ вучыць!

Яна з Янкам вучаць зранку
Сваю азбуку-чытанку.
Вабяць іншыя спакусы,
Але дзеткі — БЕЛАРУСЫ!
Да вучобы здатныя,
Вучні з іх — выдатныя.

УСЛЕД ЗА АЗБУКАЙ

Чуеш роднай мовы гук —
Сэрца тукае: “Тук-тук!”
Мяккая, пявучая,
Мілая, гаючая,
Мова з ласкі Божае —
Гожая, прыгожая.

перадрук з dzietki.org

Паводле: НАША СЛОВА № 7 (1054) 15 лютага 2012 г.
Аўтар выказвае шчырую падзяку доктару філалагічных навук, прафесару Івану Аляксеевічу Чароту і кандыдату філалагічных навук Мікалаю Паўлавічу Антропаву за каштоўныя парады пры складанні “Сваёй азбукі”.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат