Пра курсы
ГАРАДЫ :


19.06.2015
КАЗКА “СУМЛЕННЫМ БУДЗЬ, А НА СВАІМ СТОЙ!”

Па матывах чэскай народнай казкі.

 

Бывае, што ў кішэнях пуста,

А есці хочацца – хоць плач.

Ідзе дарогай бедны Густаў,

Аж бачыць: плот. За ім – карчма.

А пах ідзе!.. Спыніўся Густаў,

Бо далей ногі не ідуць.

А нос падказвае: капуста…

Хлеб свежы… з яблыкамі гусь…

“Зайду, дальбог, не возьме трасца.

Схаплю, што першае дадуць,

А як уцекчы не пашчасціць,

Спачатку з’ем, а там – хай б’юць”.

Зайшоў, вітаецца, як трэба,

І просіць карчмара падаць

Кавалак сала, бохан хлеба

Ды яек печаных штук пяць.

— Яшчэ піўка дзеля парадка!

Карчмар стаў піва наліваць,

А Густаў сала, яйкі ў шапку,

Пад паху бохан – ды ўцякаць.

Не падманула яго шчасце –

Уцёк. Пад’есці ў лес забег.

Але зарокся болей красці,

Бо разумеў: няможна, грэх!

Наняўся да купца на працу

(там трэба спрытныя хлапцы).

Так налаўчыўся гандляваць ён –

Сам хутка выбіўся ў купцы.

Аб’ездзіў ён дарог нямала,

Ды зноў натрапіў на карчму.

І тут сумленне падказала

Вярнуць пазыку карчмару.

Зайшоў, ды просіць лусту сала,

Ды яек печаных штук пяць,

Ды бохан хлеба. Ці пазнаюць?

Ды дзе цяпер яго пазнаць!

Як згледзеў гаспадар купчыну,

Дык думаў падаваць на стол

Гуся, ды карпа, ды дзічыну,

Ды іншы нейкі разнасол,

А тут – пяць яек, сала, хлеба…

Ды Густаў на сваім стаіць:

— Яшчэ вось піва куфаль мне бы.

Дык колькі трэба заплаціць?

— Усё каштуе трыццаць грошай.

(сам думае: скупы купец!)

— А можа, ясны пан харошы

Замовіць з хрэнам халадзец?

 

А Густаў хлеб жуе няспешна,

Кладзе на стойку гаманец,

Дае гаспадару з усмешкай

Ажно пяць залатых манет.

— Вы што, яснавельможны пане?-

Вачам не верыць гаспадар.

— Відаць наблыталі вы самі…

— Бяры, у разліку мы, карчмар.

Цябе калісьці я пакрыўдзіў.

Галодны быў, вячэру скраў.

Хачу з табою разлічыцца.

Таму і болей грошай даў.

Карчмар галоднага хлапчыну

Згадаў адразу. – Прайдзісвет!

І цэніш ты сваю правіну

У вартых жалю пяць манет?

Я б яйкі гэтыя пад курку

Паклаў ды пяць нясушак меў!

І кожны год ад кожнай куркі

Бадай дзве сотні яек меў!

А з яйка кожнага па курцы,

А з кожнай куркі – яйка зноў!

Ды я бы так – вы сведкі, людцы! –

Стаў багацейшы за цароў!

Наш Густаў нават разгубіўся:

У такі патрапіў пераплёт!

А гаспадар судом гразіўся

Ды ў вочавідцы зваў народ.

Адзін стары адсунуў місу

Дый кажа Густаву:

— Лухта!

Не бойся, сынку, не журыся.

Пацягне ў суд – скажы ім так:

Зварыў мой дзед вядро гароху,

А я ім пашу засяваў.

Калі б ты пачакаў хоць троху –

Я б ураджай табе аддаў.

Калі ж ён скажа: пачакайце!

Гарох жа той не прарасце!-

Спытай: а з печанага яйка

нясушка вывядзе дзяцей?

Наш Густаў радасна ўсміхнуўся:

-Ты, бацька, добра мне сказаў!

Цяпер, як што, абаранюся!

А гаспадар адчуў: прайграў.

 

Выснова: па жыцці сумленным добра быць,

але свае правы заўсёды бараніць.

 

Алена Церашкова

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат