Пра курсы
ГАРАДЫ :


11.06.2015
КАЗКА пра лыжку. Частка 2.

Мсціслаўка рос вельмі хутка. Мінула зусім няшмат часу, і хлопчык навучыўся шпарка поўзаць. І не стала лыжцы паратунку ані пад сталом, ані пад зэдлікам. Куды б ні закацілася лыжка, дзе б ні схавалася – усюды знаходзіў яе Мсціслаўка і хуценька засоўваў у свой роцік.

“Дзіўны хлопец!” – думала лыжка. –“Што ён смачнага бачыць у пустой лыжцы?” А Мсціслаўка цягнуў у роцік усе свае цацкі, маміны асадкі, татавы пальчаткі і нават свае маленькія боцікі, ў якіх ездзіў на калясцы па вуліцы. І аднойчы лыжка зразумела, чаму ён так робіць. Калі чарговы раз Мсціслаўка раніцай засунуў лыжку ў роцік, яна бразнула па чымсьці цвёрдым.  Агледзелася лыжка і ўбачыла маленькі востранькі беленькі зубок! “Віншую з першым зубам!” – хацела выгукнуць лыжка, але пасаромелася і сказала гэтыя словы надзвычай ціха. Яна была добра выхаваная лыжка і ніколі не падвышала голас. А ціхенькага голасу Мсціслаўка не пачуў, бо як раз пачаў бразгаць лыжкай па зэдліку і быў цалкам захоплены гэтым заняткам.

Хлопчык рос не па днях, а па гадзінах і штодня знаходзіў новыя гульні ды забавы. Аднойчы Мсціслаўка ўстаў каля дзвераў, што вялі з варэльні ў калідор, і пачаў з усяе сілы бразгаць лыжкай па шкле, што было ўмацавана ў дзверы. А мама ў гэты час была ў іншым пакоі. Лыжка спалохалася не на жарты. Яна бачыла, як б’юцца шклянкі ды слоікі –варта па іх добра стукнуць. А шкло ў дзверах было вялікае, цяжкае – шматкроць большае за хлопчыка! Калі раптам разаб’ецца, можа здарыцца бяда!

“Спыніся, Мсціслаўка!” – прасіла лыжка. Але голас у яе быў надта ціхі, і хлопчык не чуў!

Лыжка напружылася і выслізнула з рукі на падлогу – дзынь! Але Мсціслаўка нахіліўся, хуценька злавіў лыжку і, выпрастаўшыся, яшчэ больш заўзята стаў лупіць па шкле.

Каб нашая лыжка мела вочы, яна абавяскова заплюшчыла б іх ад страху за свайго сябра. Што рабіць? Як спыніць хлопчыка, прымусіць кінуць такую небяспечную гульню? І лыжка, павярнуўшыся ў Мсціслаўкавай руцэ, звонка трэснула хлопца ў лоб – бац!

Як збянтэжыўся Мсціслаўка! Рука выпусціла лыжку, тварык пакутліва зморшчыўся, з вачэй паліліся слёзкі, і на ўсю кватэру загучэў пакрыўджаны бас: ”Уа-а-а! Уа-а-а!”

Мама прыбегла з суседняга пакоя, узяла хлопца на рукі і запыталася: “Хто пакрыўдзіў майго любага сыночка?”

“Лыжка! Лыжка мяне пакрыўдзіла!” – хацеў паскардзіцца Мсціслаўка, але ў яго атрымлівалася толькі гучнае: “Уа-а-а!”

Мама суцяшала свайго хлопчыка, а лыжка ціха ляжала пад сталом. Лыжцы было няёмка, што яна пакрыўдзіла свайго сябра, але хіба ў яе быў выбар?

Так, часам мы рызыкуем пакрыўдзіць нашых сяброў, калі імкнемся перасцерагчы іх ад небяспекі. Але сапраўдныя сябры заўсёды берагуць адно аднога, не баючыся крыўды і непаразуменняў.

І лыжка спадзявалася, што хлопчык Мсціслаўка даруе ёй, бо лыжка шчыра ратавала сябра ад сапраўднай небяспекі.

А Мсціслаўка ўжо забыўся на крыўду, споўз з мамчыных рук на падлогу, падабраў лыжку, уважліва паглядзеў на яе, гучна сказаў: “Ам!” і працягнуў лыжку маме.

 

Алена Церашкова

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат