Пра курсы
ГАРАДЫ :


09.07.2015
КАЗКА ПРА АБІБОКА

Жыў-быў у адной вёсцы лайдак-абібок. Жыў ён у старой хаціне, што збудаваў некалі яшчэ ягоны прадзед. Добрая раней была хата, але калі пра жытло не дбаць, не даглядаць, не рамантаваць, дык і палац хутка ператворыцца ў пуню, а там і зусім разваліцца.

Абібок жа зусім не дбаў пра дзядоўскую хату. І ў хаце спачатку стала працякаць страха, потым праваліўся ганак, а хутка й сцены сталі хіліцца на бок.

— Што ж ты не паправіш хату!- ушчувалі абібока суседзі. А той цэлымі днямі толькі й меў працы, што сядзець пад старой яблыняй ды лузгаць сланечнік. І ўсім адказваў:

— Я лепей пачакаю, калі старая хата зусім разваліцца, тады за дзень новую збудую!

І аднаго дня падзьмуў над вёскаю вецер, моцны ды злосны, і старая абібокава хата зусім пахілілася, амаль што лягла вокнамі на дол. Пачасаў абібок патыліцу, ды й кажа:

— Мусіць, сапраўды прыйшоў час новую хату будаваць!

А быў ён лайдаком з маленства, таму ніводнай справе так і не навучыўся. Таму вельмі прыблізна ўяўляў сабе, як будуюць хаты. Прыгадаў хіба, што ляжаць недзе іржавая прадзедава сякера ды дзедава піла.

Знайшоў абібок пілу ды сякеру, пайшоў у лес па бярвенне. Хадзіў-хадзіў, пакуль не знайшоў стогадовы дуб.

— Вось гэтае дрэва ніколі не згніе!- узрадваўся абібок і ўзмахнуў сякерай. Але сякера зляцела з абуху й згубілася ў кустах.

— Ну й чорт з ёю! – махнуў рукой абібок. — У мяне піла ёсцека!

Узяў пілу, хацеў дуб піліць. А ў пілы за гады без працы зубы затупіліся ды разводка сапсавалася, дык яна толькі кару падрапала. Раззлаваўся абібок, кінуў пілу ў кусты.

— Кепскі інструмант! Пайду лепш у суседа пазычу!

Прыйшоў абібок да суседа й кажа:

— Дай мне свой інструмант, буду хату будаваць!

Даў яму сусед сякеру, вострую, як брытва, і пілу новую, бліскучую.

Пайшоў абібок у лес. Дуба таго не знайшоў, знайшоў сасну высачэзную. Стаў секчы яе, ды адскочыла ад камля трэска й параніла яму руку. Раз’юшыўся абібок, закінуў сякеру ў кусты, схапіўся за пілу. А пілаваць ніколі не ўмеў, і пілу ў камлі адразу ж заклініла. Плюнуў абібок, нават не стаў пілу вызваляць.

— Пайду да другога суседа, можа, ў яго лепшы інструмант!

Пайшоў да другога суседа, кажа:

— Дай мне інструмант, буду хату будаваць!

Другі сусед быў хлопец гарадзкі, меў інструмант адмысловы: бензапілу. Узяў абібок тую пілу, пайшоў у лес. А піла цяжкая, рукі адцягвае. Ледзьве дайшоў абібок да ўскрайку лесу, доўга дрэва не выбіраў. Патрапілася яму на вочы тоўстая алешына, абібок і рушыў да яе з пілой. Толькі пачаў пілаваць, а спарахнелая алешына паламалася й пачала падаць проста на абібока. Той ледзьве паспеў кінуць пілу ды адскочыць.

— Так і загінуць нядоўга! — абурыўся абібок. І пайшоў з лесу, кінуўшы пілу, дзе ляжала. Ідзе й плача: сонца садзіцца, а начаваць няма дзе! Старая хата вось-вось разваліцца, а новай і знаку няма!..

Раптам бачыць абібок: стаіць пад кустом маленькі сівенькі дзядок і спагадліва так на яго пазірае. І пытае дзядок:

— Чаго ты плачаш, чалавеча?

Распавёў абібок старому, як не здолеў ён збудаваць сабе хаты з-за кепскага інструманту.

— Вось каб меў я разумны інструмант, які сам ведае, што трэба рабіць!

— Разумны інструмант па плячы разумнаму майстру! — сказаў дзядок. — А ты ці дастаткова разумны?

— Я ў нашай вёсцы найразумнейшы!- запэўніў старога абібок. Тады дзядок дастаў з кішэнькі маленькую драўляную скарбонку.

— Вось тут ёсць любы інструмант, што б ты яму ні загадаў, усё зробіць!

Узрадваўся абібок, падхапіў скарбонку пад паху і пабег у вёску. Стаў сярод свайго двара, адчыніў скарбонку, бачыць: ляжыць там маленечкі інструмант самага рознага кшталту: і сякеркі, і пілы, і малаточкі, і мноства такіх, якіх абібок і назваў не чуў…

— Будуйце мне хату! — загадаў абібок. Са скрыначкі выскачыў аловак.

— Якую хату, гаспадар?

— Вялікую, на паўдвара!- адказаў абібок і сеў пад яблыню даядаць сланечнік. Аловак пачакаў трошкі й схаваўся ў скарбоначку. А адтуль выскачыла сякерка.

— З якога лесу будаваць, гаспадар?

— А вунь з таго, — махнуў рукой абібок у бок лесу. Сякерка схавалася ў скрыначку. Потым выскачыла піла:

— Як абуладкоўваць будзем, гаспадар?

— Каб зручна было!- раззлаваўся абібок, — Пачынайце ў рэшце рэшт!

Піла схавалася. Абібок злосна грукнуў па накрыўцы, скарбонка адчынілася, ўвесь інструмант пасыпаўся на зямлю й пачаў на вачох падрастаць. Абібок ажно за яблыню схаваўся, спалохаўшыся гэткай колькасьці сталю!

Сякеры і пілы згуртаваліся й бліскучым шыхтам рушылі да лесу. Рыдлёўкі кінуліся капаць яміну пад падмурак, вяроўкі ўпрэгліся ў валакушы і ўжо цягнулі аднекуль хто цэмент, хто фарбу, хто бярвенне. І ўжо нехта ачэсваў, нехта абстругваў, іншы пілаваў, фарбаваў, скалочваў…

І неўзабаве сярод двара вырасла дзіўная хата: вялікая, на паўдвара, але нізкая, абібоку ледзьве да поясу. Без вокнаў і дзьвераў, але з адкідным дахам. Разьбою аздобленая, прыгожая, надта падобная да скарбоначкі, што даў дзядок абібоку. Пакуль абібок стаяў, разявіўшы рот, усе бліскучыя майстры ўскочылі ў новую хату і зачыніліся.

Пастаяў абібок, паглядзеў на дзіўную хатку, а тут і сонейка села. Амаль зусім цёмна стала наўкол… Трэба прытулак шукаць на ноч.

— Падманулі вы мяне! Кепскую хату пабудавалі! – закрычэў абібок. Дах хаткі прыўзняўся, вызірнуў аловак. Толькі зараз ён быў вялікі, амаль у палову абібокавага росту.

— А мы хату збудавалі такую, як ты нам загадаў! Вялікую – на паўдвара! З тутэйшага лесу! І такую, каб нам у ёй зручна было!

— Чаму гэта – каб вам зручна было? А я! – здзівіўся абібок.

— А ты не тое, што цвіка ў гэтай хаце не забіў, ты нават ленаваўся прыдумаць, у якой хаце жыць хочаш! Дык чаму мы павінныя дбаць, каб гэткаму лайдаку зручна было? Ідзі прэч, ты нам больш не гаспадар!

Аловак схаваўся ў хаце, а зверху аднекуль скочыў на дах замок і зачыніў хатку. Пастаяў абібок, уздыхнуў.

— Кепска, калі інструмант разумнейшы за гаспадара!

Пайшоў ён у лес, забіўся пад нейкі корч-выварацень, дый там і заснуў.

 

Алена Церашкова

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат