Пра курсы
ГАРАДЫ :


23.04.2016
Мянчук дамогся пашпарта на правільнай лацінцы і без імя па бацьку

Чытай таксама: Антось Вусовіч патлумачыў, як дамогся пашпарта без імя па бацьку і на слушнай лацінцы

Я патлумачыў, што гэта спрадвечная традыцыя“, – каб атрымаць пашпарт, дзе імя напісанае на беларускай лацінцы і не згадваецца імя па бацьку, 76-гадовы мянчук Антось Вусовіч патраціў чатыры гады. Пра ўсе інстанцыі, якія ён прайшоў, і пра тое, як сам распрацаваў бланкі для пашпартнага стала, ён распавёў Свабодзе.

<>

Я не змяняю прозвішча, а выпраўляю

Каб атрымаць свой першы беларускі пашпарт, 76-гадовы Антось Вусовіч, па прафесіі фізік-інжынер і былы выкладчык, чатыры гады перапісваўся з самымі рознымі інстанцыямі. Звычайна выдача пашпарту займае месяц. Але Вусовіч хацеў атрымаць дакумент, дзе яго імя было б напісана згодна з беларускай традыцыяй, а не так, як гэта часам робяць у пашпартных сталах.

01051EF9-632C-42BE-B230-4D27DA57ED9C_mw1024_s_n

Чатыры гады Вусовіч дамагаўся такога пашпарту

Па-першае, ён хацеў быць запісаны як «Антось», а не «Антон». Па-другое, яму не падабалася, што беларускае прозвішча «Вусовіч» на расейскай пісалі як «Усович». Па-трэцяе, ён хацеў, каб ягонае імя было запісана ў «спрадвечнай беларускай форме». Гэта значыць, без імя па бацьку, што з’яўляецца расейскай традыцыяй. Ну, і нарэшце, транслітарацыю лацінскімі літарамі ён патрабаваў зрабіць не паводле ангельскай нормы, а паводле беларускай – Vusovič, замест Vusovich.

Мне паўсюль казалі пра змену імя і прозвішча, а я адказваў, што не змяняю, а выпраўляю”, – расказаў Вусовіч Свабодзе.

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі, які займаецца выдачай пашпартоў, перанакіраваў просьбіта ў ЗАГС. Але ў ЗАГСе не было бланка для заявы аб удасканаленні імя і прозвішча. Таму Вусовіч адмыслова для іх распрацаваў такі дакумент.

Ягоны зварот потым пераслалі ва ўпраўленне юстыцыі Менгарвыканкаму. Да звароту Вусовіч далучыў даведку, якую атрымаў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.

Імя Антось з’яўляецца беларускай формай мужчынскага імя Антон, – піша ў даведцы Аляксандр Лукашанец, дырэктар інстытуту. – Па жаданні грамадзяніна імя Антось можа быць выкарыстана ў якасці дакументальнага. Пры запісе гэтага імя па-расейску яно транслітаруецца (перадаецца палітарна) як Антось».

<>

Я ледзь прачытаў адзін абзац на беларускай мове

17 ліпеня 2006 году Антось Вусовіч нарэшце атрымаў пашпарт. Чатыры гады змаганняў дзеля пары радкоў у пашпарце. Ці варта гэта было такіх высілкаў? Вусовіч абсалютна не шкадуе патрачанага часу. Магчыма, ён адзіны ў Беларусі, хто мае такі пашпарт. Апрача беларускай традыцыі запісу імя, ён яшчэ і дамогся, каб у пашпарце засведчылі ягоную нацыянальнасць, як гэта было ў савецкім дакуменце.

Я нарадзіўся беларусам, – кажа ён. – Чалавеку належыць заставацца тым, хто ён ёсць. Яму належыць мець нацыянальную годнасць”.

39A2A4A4-437D-45D1-9A0C-22A11FC6CA0F_mw1024_s_n

На самым бачным месцы ён трымае міжваенныя фотаздымкі продкаў

Антось Вусовіч паходзіць з заходнебеларускай сям’і. Дзяцінства ён правёў на хутары Зуйніца паміж Докшыцамі і Глыбокім. Пасля школы па камсамольскай пуцёўцы паехаў на працу ў Казахстан, потым служыў на Балтыйскім флоце.

У 1961 годзе Вусовіч вярнуўся ў Беларусь, дзе працаваў зборшчыкам-механікам на менскім заводзе імя Вавілава, а потым інжынерам-фізікам у Інстытуце ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук. Тут у асноўным працавалі выпускнікі маскоўскіх ВНУ, а таму панавала расейская мова.

C93B25DF-45FA-4B4F-9CE4-48E1B38B8F3D_mw1024_s_n

У канцы 1970-х у Інстытут ядзернай фізікі прыехаў дырэктар атамнай лабараторыі з Чыкага. Амерыканец аказаўся беларусам, які з’ехаў з Менску падчас Другой сусветнай вайны. Не ведаючы расейскай мовы, ён правёў лекцыю для супрацоўнікаў заводу па-беларуску.

Тады выступіў спадар Алег Ярашэвіч, загадчык лабараторыі нулявых рэактараў. Ён сказаў, што за ўсе гады, колькі ён тут працуе, у гэтай залі ўпершыню прагучала беларуская мова”.

<>

Многія чыноўнікі прыязна ставяцца да беларускай гісторыі і культуры

Прыкладна ў гэты ж час яму выпадкова трапілася беларуская кніга – апавяданні Антона Каспяровіча. Як тады было прынята, яе далі «ў нагрузку» да папулярнай літаратуры, якая была ў дэфіцыце.

Пакуль я прачытаў першы абзац, я так намучыўся! – узгадвае Вусовіч. – Я цалкам адвык ад беларускай мовы. А потым паступова я стаў цікавіцца ўсім беларускім”.

Яшчэ адзін нетыповы штамп у пашпарце Вусовіча

Яшчэ адзін нетыповы штамп у пашпарце Вусовіча

У 1980-я гады, у часы перабудовы, ў Інстытут ядзернай энэргетыкі прыязджалі дэмакратычныя лідары, сярод якіх былі і Зянон Пазняк з Юрыем Хадыкам.

Гэта была хваля народных франтоў. Тады і ў мяне канчаткова сфармаваўся інтарэс да беларускай культуры і мовы”.

З 1992 году і да самага закрыцця Антось Вусовіч працаваў у беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. На пенсіі спадар Вусовіч ужо 13 год, але застаецца актыўным. Сёлета, напрыклад, разам з жонкай пайшоў на курсы ангельскай мовы ў Менскім універсітэце трэцяга ўзросту.

Каб наш светапогляд выходзіў па-за межы тэлескрыні ці радыёпрымача, трэба ведаць замежныя мовы, – кажа 76-гадовы пенсіянер. – Для працы з кампутарам трэба валодаць мінімальнай ангельскай. Бо колькі б табе ні было гадоў, трэба жыць сучасным жыццём».

Менавіта з адукацыі мае пачацца нацыянальнае адраджэнне, упэўнены былы выкладчык. У 1993 годзе ён удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі нацыянальнай адукацыі, дзе падкрэсліваў, што важна выхоўваць не толькі разумных дзяцей, але і найперш будучых грамадзянаў сваёй краіны.

І гэтаксама, як нацыянальна свядомых дзяцей, Вусовіч упэўнены, можна выхоўваць і чыноўнікаў. Ягоны досвед працы з дзяржслужбоўцамі паказвае, што і ад іх можна дамагчыся беларускасці.

Не адзінкі, а многія з іх ставяцца прыязна да беларускай гісторыі і культуры, – кажа Вусовіч. – Таму можна чакаць ад іх пазітыўнай рэакцыі на патрабаванне беларускасці. Рабіць гэта трэба не агрэсіўна, а карэктна і цвёрда”.

<>

Svaboda.org

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат